Сэксуальная актыўнасць у свеце дасягнула гістарычнага мінімуму, паказала новае даследаванне
Частата палавых кантактаў сярод дарослага насельніцтва няўхільна зніжаецца і ўжо дасягнула рэкордна нізкіх паказчыкаў за апошнія дзесяцігоддзі. Гэтая тэндэнцыя назіраецца сярод усіх дэмаграфічных груп, незалежна ад узросту, полу і сямейнага статусу, гаворыцца ў даследаванні амерыканскага Інстытута сямейных даследаванняў.
Статыстыка, сабраная ў рамках агульнага сацыяльнага даследавання, прадэманстравала рэзкі спад сэксуальнай актыўнасці. Калі ў 1990 годзе 55% дарослых ва ўзросце 18-64 гадоў займаліся сэксам штотыдзень, то да 2024 года гэтая доля скарацілася да 37%.
Найбольш трывожная дынаміка назіраецца сярод моладзі. За апошнія 15 гадоў доля маладых людзей (18-29 гадоў), якія не ўступалі ў палавыя адносіны на працягу года, вырасла з 15% да 24%.
Эксперты звязваюць гэтую тэндэнцыю з глабальнай лічбавізацыяй. Распаўсюджванне смартфонаў, сацыяльных сетак, парнаграфіі і відэагульняў прывяло да скарачэння жывых зносін і зніжэння колькасці нефармальных сацыяльных узаемадзеянняў, якія часта і з’яўляюцца асновай для рамантычных адносін.
Характэрна, што спад закрануў і шлюбныя пары: за аналагічны перыяд доля жанатых людзей, якія займаюцца сэксам штотыдзень, знізілася з 59% да 49%.
Дарэчы, такая сумная тэндэнцыя назіраецца не толькі ў ЗША. Так, напрыклад, у мінулым годзе даследаванне «Гедэон Рыхтэр» і НАФД (Нацыянальнае агенцтва фінансавых даследаванняў) прадэманстравала падобную карціну ў Расіі. Паводле іх даследавання, 22% маладых людзей ва ўзросце 18-23 гадоў заявілі аб адсутнасці сэксуальнага жыцця. Больш за палову рэспандэнтаў (51%) адзначылі наяўнасць праблем у інтымнай сферы.
Аднак галоўнай праблемай зніжэння палавой актыўнасці большасць расейцаў (53%) назвалі адсутнасць палавой цягі. Гэтая праблема асабліва характэрная для пакаленняў Y і X (24-45 гадоў).
Эксперты звязваюць гэта з высокім узроўнем стрэсу і трывожнасці. Сучасную моладзь навукоўцы называюць «трывожным пакаленнем» і адзначаюць, што многія знаходзяцца ў пастаянным стрэсе, што не толькі перашкаджае шукаць партнёра, але і наўпрост зніжае лібіда.

