Четверг, 12 декабря
  • Погода
  • -2
  • USD3,4556
  • RUB (100)3,3805
  • EUR3,6283

«Ня трэба змагацца за чысціню, трэба прыбіраць». Дзве жыхаркі мікрараёна «Тэхнапрыбор» больш за 10 гадоў робяць свой раён чысцейшым Фото

«Ня трэба змагацца за чысціню, трэба прыбіраць». Дзве жыхаркі мікрараёна «Тэхнапрыбор» больш за 10 гадоў робяць свой раён чысцейшым
Фота: Крысціна Друдзь

Кажуць, што адзін у полі не воін. А вось жыхаркі мікрараёна «Тэхнапрыбор», што ў Магілёве, Надзея Бацілава і Валянціна Лугаўская так не лічаць. Жанчыны больш за 10 гадоў займаюцца тым, што робяць свой раён чысцейшым. І ўжо другі год выходзяць на ўборку тэрыторый пад «Тэхнапрыборам» штодня. На іх рахунку не адна прыбраная звалка. І ўсё гэта — фактычна сіламі дваіх.


Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь

Мы сустрэліся з Надзеяй на канцавым прыпынку 29-га аўтобуса. Яна была адна. Валянціна ў гэты дзень дрэнна сябе адчувала, а таму пагадзілася толькі перадаць нам фотаздымкі, якія жанчыны збіралі ўвесь гэты час, сведчаньні таго, што было тут да прыборкі і як стала пасьля яе, а таксама карты забруджаных плошчаў. Варта адзначыць, што ў жанчын, акрамя фатаграфій звалак, сабралася шмат лістоў — звароты да ўладаў з просьбай аб дапамозе, адказы на звароты. Але пра гэта пазней, а пакуль мы рушылі ў бок дома Валянціны, не забываючы глядзець па баках. Мы (я і фатограф) упершыню апынуліся на «Тэхнапрыборы» і былі прыемна ўражаныя яго жывой прыродай. Было вырашана абысьці ўсю тэрыторыю, якую прыбіраюць жанчыны.

Кар-т: Надзея, а з чаго ўсё пачалося? Як вы ўвогуле зацікавіліся тэмай экалогіі?

Надзея: Пачалося ўсё з таго, што з’явілася занадта многа пластыку, а ён не раскладаецца. Ты ідзеш па траве, а пад травою — бутэлька, зарослая травою, але зусім не пашкоджаная часам. Хто жыве мала на свеце, як вы, ім гэта не заўважна. З узростам жа пачынаеш думаць аб тым, як лішнія, ужо непатрэбныя рэчы пачынаюць займаць тваю жыцьцёвую прастору.
Таму, калі мы сутыкнуліся з тым, што смецця на нашым раёне стала столькі, што народу хутка ўжо недзе будзе жыць, вырашылі заняцца справай прыборкі. О, нашыя сябры.

Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь

Надзея вітаецца з мужчынам, які ідзе нам насустрач і коціць каляску з бутэлькамі. Мы скептычна пераглядваемся: мужчына выглядае, мякка сказаць, памятым.

— Вы дарэмна смяецеся, — кажа Надзея, бачачы нашы пераглядкі. Гэта, можна сказаць, галоўныя памочнікі ў нашай справе.

Кар-т: А як яны вам дапамагаюць?

Надзея: Калі мы звяртаемся да тых, хто лічыць сябе вышэйшым за нас па сацыяльнай лествіцы, да чыноўнікаў з уладных структураў, то яны, звычайна, не вельмі прыязна да нас ставяцца. А вось гэтыя людзі, якіх мы сустракаем каля сметнікаў, — ставяцца да нас зусім інакш, яны добразычлівыя. Я да іх падыходжу і кажу, што у нас ёсць сабраныя метал і бутэлькі, — прыйдзіце, забярыце. Яны на гэта жывуць, гэтым прамышляюць, а таму рэдка калі адмаўляюцца. Гэтыя людзі — нашы саюзнікі ва ўборцы, хаця некаторыя з іх ня маюць жытла.

Кар-т: Вы называеце ўборку смецця барацьбой?

Не. Мне, канешне, цяжка, калі прадстаўнікі ўладаў і эколагі, тыя, хто мае сродкі, рэсурсы і рычагі ўздзеяння, нам не дапамагаюць, але надрыву з майго боку няма. Проста не вельмі разумею, чаму так адбываецца. Мы не атрымліваем грошай за сваю работу, мы хочам толькі, каб нам дапамагалі там, дзе мы не можам справіцца сваімі сіламі, дзе патрэбна тэхніка, напрыклад, каб своечасова вывозілі смецце, якое мы сабралі.

Кар-т: То бок, адзінае, пра што вы просіце, — гэта вываз смецця?

Не зусім. Прывяду прыклад. Нядаўна да нас далучылася маладая дзяўчына. Мы прыбіралі пад ЛЭП. Запытала, як збіраць смецце. На што я ёй адказала: збірайце так чыста, нібыта гэта ваш агарод.

З тым жа мы звяртаемся да ўладаў. Вывезці не толькі тое, што мы сабралі ручачкамі, але і тое, што мы ў сілу свайго ўзросту і фізічных магчымасьцяў не можам падняць. Тут нам патрэбна тэхніка. З тым, што мы з Валяй у нашым ўзросце раскопваем за паўтары тыдні, пры ўдзеле рабочых і дапамогай тэхнікі можна справіцца за 4 гадзіны.

Адна з пляцовак, дзе патрэбна тэхніка, знаходзіцца на тэрыторыі пад ЛЭП (лініяй электраперадач). Па словах Надзеі, там не абыйсціся без экскаватара. І думаю, гэта сапраўды так. Бетонныя блокі, гудрон, руберойд, асфальтавая сумесь — чаго толькі няма на гэтай пляцоўцы.

Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь

Надзея: Гэтую сумесь, якая ўжо сабраная намі ў кучы, трэба вывозіць тэрмінова, таму што яна пад сонцам таксама сплавіцца, будуць цяжкасьці з яе пагрузкай і вывазам. Мы спрабавалі сумесна з работнікамі ААТ «Палыкавічы», не маючы тэхнікі, падняць зьляжалыя пласты з глебы, але толькі дзве рыдлёўкі зламалі. Яно не павінна тут ляжаць, трава не расце, атмасфера забруджаная — у спёку тут не прадыхнуць. І выгляд маюць гэтыя плошчы страшны.

Кар-т: Калі мы ўжо пачалі гаварыць пра пляцоўкі, распавядзіце, калі ласка, якую тэрыторыю мы можам ўяўляць, калі кажам пра ўборку?

Тэрыторыя вялікая. Амаль увесь мікрараён пад «Тэхнапрыборам»: лясочкі побач з дачным пасёлкам, тэрыторыя пад ЛЭП, берагі Дняпра, кар’ернага возера, заліва, землі, якія прымыкаюць да ачышчальных збудаваньняў Трансмаша.

Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь

На гэтым моманце мы падышлі да дома, дзе жыве Валянціна. Надзея пайшла за паперамі, мы засталіся чакаць яе на вуліцы. Адзначылі, што ў спальных раёнах вельмі ціха, жыццё выглядае крыху запаволеным, але тут прыгожа. Заўважылі, што ў вокны выглядаюць зацікаўленыя суседзі. Вырашылі запытаць пра іх у Надзеі, якая неўзабаве вярнулася.

Надзея: Суседзі ставяцца па-рознаму. Адны дапамагаюць, другія смяюцца. Але ўсе любяць жыць у чысціні. Толькі чамусьці ў некаторых эстэтычнае вока напружваецца, калі сустракаюць нас у не вельмі гламурным выглядзе за ўборкай. У ідэале: каб было чыста і каб нас пры гэтым не было бачна.

Кар-т: Якія цяжкасці ў такой, здавался, добрай справе. Ёсць яшчэ незадаволеныя вашай працай?

Рыбакі падпальваюць наша смецце. Бывае, назбіраем смецця, а ў кантэйнер не памяшчаецца — ставім побач. Прыходзяць і падпальваюць падрыхтаваныя да адгрузкі пакеты з пластыкам і шклом. Пластык плавіцца, расцякаецца, шкляныя бутэлькі ўзрываюцца, аскепкі разлятаюцца, усё ў сажы. Кажуць, каб вывозілі. А як мы будзем вывозіць своечасова, калі з вывазам праблемы? З сярэдзіны кастрычніка ў камунальных службаў «неблагоприятные погодные условия». Да вясны мы іх не турбуем. Але за гэты час збіраецца смецце, а ў нас усяго тры кантэйнеры. Нам патрэбна болей. Дарэчы, колькі высілкаў яны нам каштавалі. Але ж і тое добра, што далі хоць тры.

Кар-т: Значыць, улады ўсё ж такі дапамагаюць?

Так, дапамагаюць і ўлады і эколагі. Але куды менш разоў, чым бывае нашых зваротаў. Не вельмі любяць нас за тое, што нашым зваротам не бачна канца. Перастаюць нам проста адказваць на тэлефоны, напрыклад. Але ж трэба ўлічваць, што больш за сорак гадоў тут была несанкцыяваная звалка адыходаў самага рознага кшталту і за год-другі разабраць гэтыя шматлікія кучы зляжалага смецця нерэальна. Наўрад ці тут хто да нас прыбіраў. Таму мы спадзяемся на працяглае супрацоўніцтва і на разуменне ўладамі таго, што гэтую работу трэба давесці да канца. А затым кантраляваць і не дапускаць новых вывазаў.

Кар-т: Вернемся да рыбакоў. Чаму ў іх такая негатыўная рэакцыя? Наадварот жа класна, што бераг чысты: вудзіць прыемней.

Тут нельга казаць пра ўсіх агулам. Тут ёсць розныя рыбакі. Некаторыя таксама спрабуюць змагацца са смеццем, прыбіраюць не толькі за сабой, але і за іншымі. Большасць з іх заўважае, што на берагах стала чыста і ўдзячныя нам.

Падыходзім да гары, з якой адкрываецца прыгожы далягляд. Недалёка ад нас сядзіць жанчына. Яны вітаюцца з Надзеяй. Па словах апошняй, гэтая гара — улюбёнае месца для адпачынку ў жыхароў мікрараёна.

Фота: Крысціна Друдзь

Надзея: Вось тут пачынаюцца нашы прасторы. Ніжэй — гарадская тэрыторыя, злева — дачны пасёлак. Два лясочкі, якія размешчаны ў ярах. Уся гэта тэрыторыя была закідана смеццем у канцы бясснежнай зімы мінулага году. Мы вырашылі заняцца добраўпарадкаваннем і звярнуліся ў райвыканкам з прапановай зрабіць тут зону адпачынку. Тутэйшае насельніцтва — у асноўным працаўнікі вытворчых прадпрыемстваў, якіх побач нямала: «Ольса» (былы «Тэхнапрыбор»), «Зеніт», «Ліфтмаш», «Электрарухавік», «Строммаш». Многія з задавальненьнем адпачываюць на берагах вадаёмаў і ладзяць пікнікі ў лясочках. Не хапае інфраструктуры.

К-т: І што вам адказалі?

Надзея: Сказалі, што тут чыгунка, ачышчальныя збудаванні, а таму адпачываць тут нельга і прыбіраць тут не абавязкова. Тэрыторыя не можа быць зонай адпачынку. «На пляж трэба ехаць у Вільчыцы», — сказалі яны. А разам з тым людзі ідуць сюды. Бо тут прыгожа. З дна кар’ера б’юць ключы, вада чыстая. Прыязджаюць з намётамі, рыбалка круглы год, на пляжы заўсёды шмат людзей. Хаця так мнагалюдна было не заўсёды, толькі апошнім часам, калі людзі заўважылі, што стала чыста, ды яшчэ каронавірус «дапамог» — з’явіліся цяжкасьці з выездам на адпачынак на мора ці за мяжу.

Кар-т: І гэта пацьвярджае той факт, што мала хто хоча браць на сябе адказнасць. Чаму вы ўзяліся за экалогію ў вашым раёне?

Надзея: Гэта здарылася неаднамомантна. Проста мы з Валяй разумелі: калі нічога не рабіць, так яно ўсё і будзе ляжаць. Справа робіцца, калі пачынаеш нешта рабіць. Але чым больш мы працуем, заўважаем, што з’яўляюцца новыя задачы. Напрыклад, зараз — гэта пытанне зафіксавання зробленага. Пытанне кантролю.

Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь

Кар-т: Ці магчыма кантраляваць іншых людзей?

Надзея: Так, часценька падыходзім да рыбакоў, адпачывальнікаў — просім, каб не забывалі прыбіраць за сабой. Яшчэ ёсць шыльды з заклікамі. Яны працуюць. Мы не ўпаўнаважаныя іх рабіць. Але лічым, што няважна, кім яны напісаны, калі працуюць. Звычайныя палосы сайдынгу, перманентны маркер — і гатова. Штук 20 нарабілі такіх з рознымі заклікамі па ўсяму перыметру.

Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь

Кар-т: А вось калі падыходзіце да людзей з просьбай не пакідаць смецце, яны нармалёва рэагуюць?

Надзея: Звычайна так. Асобным артыкулам ідуць людзі, якія прыязджаюць на берагі Дняпра за інтымам. Мы іх называем любоўнічкамі. Яны пакідаюць пасля сябе кітайскія вільготныя сурвэткі для інтымнай гігіены, прэзерватывы, упакоўкі ад іх. А недалёка ад гэтага месца падлеткі ў валейбол гуляюць. Ці хтосьці прыходзіць суніцы або шчаўе збіраць. Нашто тым, хто прыходзіць сюды адпачываць, і нам таксама бачыць чужое выкарыстанае, а нам яшчэ і думаць, з дапамогаю якіх прыстасаваньняў прыбіраць за імі? Занадта ўжо шмат было гэтага «дабра» на берагах, пакідаць нельга і прыбіраць гідка.

Аднойчы мы размаўлялі з адным такім голым аматарам сэксу. Падыходзім да машыны, кажам, каб прыбраў за сабой толькі што выкінутае смецце. А ён нам: не падабаецца — хадзіце іншай дарогай. Вось і ўся размова.

Таму мы пачалі пісаць шыльды. Прамалінейныя, дзе прэзерватывы называліся прэзерватывамі. Некаторыя любоўнічкі сыйшлі, некаторыя сталі прыбіраць за сабой. Праўда, найлепшае ўздзеяньне адбываецца тады, калі мы шыльду вешаем над выкінутым, а само выкінутае не прыбіраем, тыдзень, другі… Новыя сурвэткі і прэзерватывы пад шыльдай не з’яўляюцца, а потым і старыя нехта прыбірае.

Фота: Крысціна Друдзь

Кар-т: Унутраная культура — вялікая справа. Вернемся да пачатку. Калі вы казалі пра тэрыторыі, якія прыбіраеце, там быў дачны ўчастак. Чаму? Гэта ж землі, якімі валодаюць канкрэтныя людзі.

Надзея: Мы не прыбіраем у пасёлку. Мы настойвалі, каб у пасёлку пабудавалі кантэйнерную пляцоўку. Будаўніцтва дачнага пасёлка пачалося гадоў 20 таму і працягваецца да гэтага часу. І калі капаюць фундамент, то ўсе гэтую зямлю са смеццем спіхваюць у лясок. Мала гэтага, побач з дачным пасёлкам павыкапвалі ямы і накідалі туды непрацоўных тэлевізараў, лядоўняў, адзеньня-абутку, посуду, выкідваюць у лясок і на схілы ложкі і канапы, прывозяць аднекуль старыя зрубы нейкіх хацін. Не сцвярджаем, што гэта робяць менавіта дачнікі ці толькі адны дачнікі, але зараз не варта высвятляць, хто менавіта гэтым займаўся, справа зроблена, цяпер трэба прыбіраць і не дапускаць новых выкідаў. Многае мы прыбралі ў мінулым годзе разам з зелянбудам. Каб не з’яўляліся новыя звалкі па перыметру дачнага пасёлка, у пасёлку нядаўна з’явілася кантэйнерная пляцоўка.

Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь

Гэтыя свалкі мы не пабачылі. Як, насамрэч, і ўсе астатнія, пра якія распавядала нам Надзея. Але тое, што яны дакладна там былі, пацвярждае безліч фотаздымкаў з той самай папачкі, якую перадала Валянціна.

3,5 гадзіны мы ўтрох хадзілі па тых месцах, дзе калісьці былі неверагодныя смеццевыя завалы. І якія знікаюць у выніку шматгадовай карпатлівай працы двух жанчын. Мы шмат размаўлялі. Пра праблемы экалогіі, актывізм, сувязь з уладамі, валанцёрства, выгаранне. Шмат аб чым мы гаварылі проста так, для сябе, шмат чаго з нашых размоваў не ўвайшло ў інтэрв’ю.

Без усякіх прыкрас скажу: факт таго, што дзве маленькія жанчыны зрабілі такую вялікую справу і робяць яе дагэтуль кожны дзень, не можа не захапляць. Пад час нашай дзесяцікіламетровай прагулкі ў мяне цягнуліся рукі падымаць з зямлі тое, што там не павінна быць, але рабіць гэта штодзённа на працягу некалькі гадоў? Не ведаю, ці хапіла б у мяне энтузіязму. А ў гэтых жанчын хапае. І гэта, паўтаруся, захапляе і ўражвае.

Па гэтай гісторыі можна зразумець адно: вырашальным фактарам у так званай «барацьбе чалавека са смеццем» можа стаць элементарная павага і дапамога з боку тых, хто павінен (хай нават па абавязку службы) падтрымліваць людзей, якія гатовыя не толькі прапаноўваць ідэі, але і дзейнічаць. У Магілёве, акрамя Надзеі і Валянціны, яшчэ 5-6 чалавек (па нашых дадзеных) сістэматычна выходзяць на ўборку розных забруджаных тэрыторый. Хтосьці спрабуюе сябе ў гэтай справе і застаецца, хтосьці — сыходзіць, бо не хапае падтрымкі. Узнікае заканамернае пытанне: так што павінна адбыцца, каб людзі атрымлівалі ад сваёй бескарыслівай працы задавальненне, а не рваліся ў актывізм як у апошні бой?

Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь Фота: Крысціна Друдзь

Скончыць гэты тэкст захацелася ўрыўкамі маналогаў Надзеі, якія падаліся мне простымі і ў той жа час па-асабліваму моцнымі.

Валанцёры, актывізм, ініцыятыва… Мы такіх словаў не ўжываем. У нас няма ніякай глабальнай місіі. Мы проста людзі, якія хочуць, каб у родным мікрараёне было чыста.

Патрабаваць ад народу далучацца — гэта не пра нас. Папракаць кагосьці ў тым, што яны нам не дапамагаюць, — таксама не. Тым, каму трэба, прыйдуць самі. Не сёння — так заўтра.

Прыязджалі прадстаўнікі санстанцыі. Яны паверсе тут прайшлі і кажуць: «У вас удовлетворительное санитарное состояние. В других местах еще хуже». Канешне, у нас будзе нармалёва. Бо мы працуем кожны дзень без выходных.

Ёсць экалогія ўзаемаадносін і ўласнага жыцця. Яе таксама трэба прытрымлівацца і не рабіць таго, што прыносіць табе шкоду. І калі ты можаш адкласці працу на дзень або два, зрабі гэта. Не трэба рваць кашулю на грудзях. Пра сябе таксама трэба клапаціцца. Бо ў выніку так і наступае выгаранне і дэпрэсія.

Любая занадта напружаная дзейнасьць можа прывесьці да выгарання. Асабліва, калі не бачыш ніадкуль падтрымкі. Але я па жыцці аптыміст і веру ў тое, што рана ці позна ўсё будзе добра.

Новости по теме:
Места:
Могилев
Поделиться:

Популярное:
1712
1083
781
747
674
648