Ці можа Бабарыка быць кандыдатам у прэзідэнты, калі яго арыштуюць? Тлумачым
Падзеі вакол асобы Віктара Бабарыкі выклікалі шмат пытанняў. Калі допыт у ДФР усё ж скончыцца затрыманнем ці нават арыштам, то ці зможа экс-банкір быць зарэгістраваным кандыдатам у прэзідэнты? Пра гэта Наша Нiва спытала ў палітолага Юрыя Чавусава, аднаго са спецыялістаў у выбарчым праве.

«У законе забароны няма. Ёсць абмежаванне адносна таго, хто можа вылучацца кандыдатам у прэзідэнты. У артыкуле 57 Выбарчага кодэксу прапісаныя патрабаванні да кандыдата ў прэзідэнты: „Прэзідэнтам можа быць абраны грамадзянін Беларусі па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які мае выбарчае права і пастаянна пражывае на тэрыторыі Беларусі не менш за 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі“».
Ніякай забароны наконт таго, што чалавек знаходзіцца ў статусе затрыманага ці падазраванага па нейкай крымінальнай справе — няма.
У артыкуле 4 Выбарчага кодэкса «Усеагульнае выбарчае права і права на ўдзел у рэферэндуме» напісана, што ў выбарах не ўдзельнічаюць «грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія ўтрымліваюцца па выраках суда ў месцах пазбаўлення волі».
Уявім сабе тэарэтычную сітуацыю, што беларускі рэжым да моманту выбараў правёў суд і прысудзіў нейкае пакаранне грамадзяніну, які зарэгістраваны ў якасці кандыдата. Толькі пасля ўступлення ў сілу прысуду (разгляду скаргі) гэты чалавек не можа больш удзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата.
Галасаваць жа на выбарах не могуць і тыя людзі, якія знаходзяцца ў СІЗА. Калі, скажам, спадара Бабарыку да дня выбараў кінуць у СІЗА, то ён галасаваць не зможа, але кандыдатам быць можа, — патлумачыў Юрый Чавусаў.
Раней падобных выпадкаў у беларускай выбарчай сістэме не было. На выбары-2006 вылучаўся прадпрымальнік і экс-дэпутат Сяргей Скрабец, які быў у СІЗА. Ягоная ініцыятыўная група ў складзе 143 чалавек была зарэгістраваная, але прысуд быў вынесены яшчэ да моманту рэгістрацыі кандыдатаў. Ды і патрэбныя 100 тысяч подпісаў каманда Скрабца тады не сабрала.
Такім чынам, фармальна затрыманне імавернага кандыдата па крымінальнай справе і нават змяшчэнне ў СІЗА не ёсць падставай адмовы рэгістрацыі ў якасці кандыдата.