Понедельник, 19 апреля
  • Погода
  • +9
  • EUR3,1082
  • USD2,5965
  • RUB (100)3,4363

Фотоистория самого старого гомельского кладбища

Публикуем научную статью историка, кандидата искусствоведения Евгения Маликова, посвященную истории самого старого гомельского некрополя — Новобелицкого кладбища. Статья приводится без сокращений и изменений.

Фотоистория самого старого гомельского кладбища

Текст был впервые опубликован в научном сборнике «Ad jubilaeum», посвященном 70-летию исторического факультета ГГУ имени Франциска Скорины. Материал был предоставлен автором.

НАВАБЕЛІЦКІЯ (ЗАСОЖСКІЯ) МОГІЛКІ ГОМЕЛЯ

У артыкуле разглядаецца гісторыя самых старых існуючых могілак г.Гомеля, прыводзяцца звесткі аб працэсе навуковага даследвання гэтых могілак з канца 1980-х гг. да нашага часу, аб іх заснаванні, узгадваюцца вядомыя асобы, пахаваныя на іх, даецца класіфікацыя найбольш распаўсюджаных надмагільных помнікаў, пералічваюцца асноўныя пагрозы для іх далейшага існавання.

У апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі актыўна развіваецца новая галіна гістарычных даследванняў — некрапалістыка (вывучэнне старажытных могілак). Першымі працамі ў гэтым накірунку ў нашай краіне сталі работы Алы Сакалоўскай «Кальварыя» (1997) і Мікалая Гайбы «Могілкі і пахаванні Наваградка» (2000) [9; ]. Па ініцыятыве грамадскай арганізацыі «Беларускі камітэт IKAMOS» у 2014 г. быў створаны інтэрнэт-рэсурс www.niekropali.by, на якім збіраецца інфармацыя пра гістарычныя могілкі Беларусі. Асобную інфармацыю па гэтай тэме ўтрымліваюць і іншыя інтэрнэт-рэсурсы (www.globus.tut.by, www.radzima.org). Работа ў дадзеным накірунку вядзецца і ў Гомелі.

Самыя старыя могілкі, што існуюць на тэрыторыі сучаснага Гомеля, знаходзяцца ў пачатку вуліцы Ілліча ў Навабеліцы, насупраць тлушчакамбіната. Паводле энцыклапедычнага даведніка «Гомель» яны займаюць плошчу 11 га і дзейнічалі з ХІХ ст. па 1967 г. [4, с. 257]. Сёняшняя афіцыйная назва гэтых могілак — «могілкі Тлушчакамбінатаўскія», гістарычная назва канца ХІХ ст. — «Засожскія могілкі» [5, с. 319], сучасныя гамяльчане часцей іх называюць «Навабеліцкія могілкі». Могілкі знаходзяцца на прыроднай пясчанай дзюне, выцягнуты з поўдня на поўнач уздоўж шашы (вул.Ілліча). Амаль усе пахаванні арыентаваны па лініі ўсход-захад, але зрэдку сустракаецца і іншая арыентацыя. Большасць пахаванняў мае мемарыяльны знак у галаве, размяшчэнне ў нагах сустракаецца часта, але радзей.

Самы стары помнік, знойдзены на Навабеліцкіх могілках, які быў
пастаўлены над пахаваннем Юліі Лукашэвіч з Гэрхлаў (Julja z Herchł
Łukaszewicz), якая памерла 5 снежня 1886 г. ва ўзросце 39 гадоў.

Па ўспамінах супрацоўніка Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Шклярава Андрэя Скідана ўпершыню краязнаўчае даследванне гэтых могілак пачалося ў жніўні 1989 г., калі ўдзельнікі гісторыка-краязнаўчай суполкі «Вытокі» наведалі іх, агледзелі пахаванні, зрабілі шэраг фотаздымкаў старых помнікаў. Тады на тэрыторыі могілак, каля цэнтральнага ўваходу, яшчэ стаяў будынак вартоўні, дзе ў перыяд 1989-1990 гг. мела прытулак гомельская каталіцкая абшчына і праводзіліся набажэнствы.

На восеньскія «Дзяды» 1991 года сябры «Вытокаў» зладзілі першую прыборку смецця на Навабеліцкіх могілках. На наступны год «Дзядоў» тут не адбылося, а з восені 1993 г. на «Дзяды» гэтыя могілкі пачалі прыбіраць сябры Гомельскай моладзевай краязнаўчай арганізацыі «Талака», што стала штогадовай традыцыяй арганізацыі. Каля 2007 г. сябры «Талакі» часова адыйшлі ад гэтай справы, але да яе далучыліся студэнты-архітэктары БелДУТа. У 2000-2013 гг. была праведзена работа па перапісванні тэкстаў з надмагільных помнікаў перыяду ХІХ ст. — 1945 г. уключна (перапісана каля 500 пахаванняў) і створана фотабаза па ўжываных надмагільных помніках і агароджах гэтага ж перыяду (зафіксавана каля 615 пахаванняў). Таксама ў гэтай базе дадзеных адзначаны і асобныя выбітныя пахаванні другой паловы ХХ ст. У непасрэдным зборы палявой інфармацыі прымалі ўдзел сябры ГМКГА «Талака» (2000-2008), студэнты-архітэктары БелДУТа (Студэнцкае навуковае таварыства імя С.Д. Шабунеўскага, 2009-2013), а таксама студэнты-гісторыкі ГДУ імя Ф.Скарыны (студэнцкае аб’яднанне «Ваколіца», 2009).

У час палявых работ для больш зручнага і дакладнага даследвання тэрыторыя могілак была ўмоўна разбіта на пяць сектароў у адпаведнасці з ужо існуючымі сцежкамі (пры гэтым самы вялікі ўнутраны трэці сектар быў дадаткова падзелены яшчэ на пяць частак) і на гэтай аснове складзены схематычны план.

Аналіз змешчаных на помніках надпісаў паказаў, што дадзеныя могілкі падзяляліся на тры этнічна-рэлігійныя часткі: з канца ХІХ ст. існавалі праваслаўная (найбольшая) і каталіцкая («польская») часткі, што падцверджваецца дадзенымі плана Гомеля 1913 г., а ў 1930-х гг. узнікла таксама невялікая яўрэйская частка (дадзены факт падцьверджаны і ўспамінамі Масюкевіч Алены Іванаўны, 1922 г.нар.). У сучасным стане межы паміж выяўленымі часткамі ўжо не прасочваюцца. У паўднёвай частцы могілак размешчаны мемарыяльна-вайсковы некропаль з ваеннымі пахаваннямі. Сярод крыжоў сустракаюцца шасці- і васьміканцовыя на пахаваннях стараабрадцаў, аднак яны не канцэнтруюцца на нейкім канкрэтным участку. Па ўспамінах А.Скідана, які ў дзяцінстве неаднаразова бываў на гэтых могілках, яшчэ ў 1980-х гг. пад агароджай каля вайсковай часткі могілак знаходзілася паваленае надмагілле ў выглядзе невялікай стэлы з надпісам арабскай вяззю, выявай паўмесяца і зоркі, але ў час даследванняў 1995-2014 гг. такі помнік ужо не быў знойдзены.
На «Плане местечка Гомеля и окрестностей» 1838 г. паміж Гомелем і Новай Беліцай знаходзяцца значныя пяшчаныя тэрыторыі, сярод якіх вылучаецца вялікі зялёны прамавугольны ўчастак памерамі з два гарадскіх кварталы, размешчаны на тым самым месцы, дзе зараз знаходзяцца Навабеліцкія Засожскія могілкі. Гэта дае падставу меркаваць аб існаванні тут могілак ужо ў 1830-я гг., аднак па плане гэтае месца як могілкі не адзначана (у адрозненне ад суседніх стараабрадскіх). У гэты ж час самыя старыя пахаванні выяўленыя непасрэдна на саміх могілках адносіцца толькі да 1886 г. (2 шт.).

Матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, прадстаўленыя аўтару Царкоўна-гістарычнай камісіяй Гомельскай епархіі, значна ўдакладняюць час і гісторыю заснавання даследваемых Навабеліцкіх могілак [11].
У 1879 годзе выявілася неабходнасць закрыць існуючыя ў горадзе старыя могілкі, бо «в г.Гомеле кладбища расположены в самом центре города в непосредственном соприкосновении с жилыми постройками и, в целях улучшения общих санитарных условий города, Губернатское Гражданское Начальство признало уж необходимым переместить кладбище на другое место» [11, арк. 6 ]. Размова ідзе пра старыя могілкі, якія прыблізна з сярэдзіны ХVIII ст. існавалі ў квартале сучасных вуліц Леніна-Ірынінскай (праваслаўныя), Леніна-Сялянскай (каталіцкія) і Сожскай-Валатаўской (яўрэйскія). Для гэтай мэты была ўтворана камісія начале з пратаіерэем гомельскага Пятрапаўлаўскага сабора Рыгорам Петрашэнем [11, арк. 35 ]. Аднак на працягу наступных чатырох гадоў камісія так і не змагла знайсці адпаведнае месца, што прымусіла губернскія ўлады паўторна вярнуцца да гэтага пытання. Пасля чарговай няўдалай спробы дамовіцца з маёнткам кн.Паскевіча аб умовах абмену з горадам неабходнай для могілак зямлі каля фермы Малых Новікаў, што належыла кн.Паскевічу, напрыканцы 1884 г. гарадскія ўлады самастойна знайшлі такое месца. Як дакладваў пратаіерэй Р.Петрашэнь «Поэтому Городская Дума, назначила комиссию из Гласных для изыскания в окрестностности города таких земель, на которых можно былобы устроить кладбища и таковыя комиссия, по осмотре земель, нашла возможным устроить все кладбища — христианские, православное, католическое, и лютер. и еврейское, за рекою Сожем, возле заставного при шоссе дома, в двух стах саженях от гор. Белицы.» [11, арк. 7 — 9, зв. бок ]. У далейшым яўрэйскія гласныя гарадской думы выказалі пажаданне адшукаць асобнае месца для сваіх могілак [11, арк. 22, зв. бок].
Аднак абранае для могілак месца за Сожам мела свае недахопы, на якія ўказваў пратаіерэй Петрашэнь: новая мясцовасць знаходзілася на вялікай адлегласці ад горада (5 вёрст); яна не была агароджана і памерлых прыходзілася хаваць, фактычна, у чыстым полі; сюды заходзіў скот; невядома, ці можна будзе капаць магілы патрэбнай глыбіні ў час веснавой паводкі (ужо пасля адкрыцця могілак ён адзначаў, што зямля тут — адзін сухі пясок і гэта прыводзіць да частага абсыпання ўжо выкапаных магіл, а паўторнае іх выкопванне асабліва цяжка накладваецца на людзей небагатых) [11, арк. 7 — 9, зв. бок, арк. 13 —15, зв. бок, ].
Аднак ня гледзячы на пэўныя недахопы новаабранага месца, 13.12.1884 г. галасаваннем у Гомельскай гарадской думе было прынята рашэнне аб заснаванні новых гарадскіх могілак за Сожам, уздоўж шашы на Навабеліцу. Адпаведна ўказам Магілёўскага губенскага праўлення ад 31.12.1884 г. у лісце гомельскага павятовага спраўніка да пратаіерэя Р.Петрашні было падкрэслена аб безумоўным закрыцці старых хрысціянскіх і яўрэйскіх могілак, размешчаных у цэнтры Гомеля [11, арк. 19, зв. бок].

Такім чынам, студзень 1885 г. стаў канцом выкарыстання трох старых гомельскіх гарадскіх могілак і дакладным пачаткам функцыянавання Навабеліцкіх Засожскіх могілак.

Указам Магілёўскай духоўнай кансісторыі ад 11.04.1885 г. было зацверджана хадатайніцтва Надворнага Саветніка Фёдара Васільевіча Малеванскага аб пабудове ім на новаадкрытых Навабеліцкіх Засожскіх могілках за свой кошт капліцы [11, арк. 24, зв. бок]. І ўжо ў заяве на імя пратаіерэя Р.Петрашэня ад 3.09.1885 г. Ф.Маляванскі адзначае, што капліца на могілках пабудавана і забяспечана ўсімі неабходнымі царкоўнымі прыладамі, якія ён набыў за свае грошы ў Кіеве. Гэтай жа заявай ён таксама настойліва прасіў асвяціць дадзеную капліцу ў гонар св.Вялікамучаніка Фёдара Цірона менавіта 15.09.1885 г. (што і было зроблена) [11, арк. 26, зв. бок]. Гэты ж факт падцьверджваюць аўтары краязнаўчага нарыса «Горад Гомель» — «на кладбищах православных устроены церкви: на Засожском св. Феодора Тирона (деревянная) в 1885 г. на средства надв. сов. Феодора Малеванскаго …» [5, с. 319].

Паводле вопісу, складзенага пратаіерэям Р.Петрашэнем для Магілёўскай духоўнай кансісторыі аб ахвяраваннях Ф.Маляванскага і аб іх кошце, новаўзведзеная капліца ўяўляла сабой «Церковь деревянная на каменном фундаменте, ошелеванная тёсом и покрытая листовым железом, с покраскою как крыши, так и стен снаружи и внутри масляною краскою. Имеет в длину с Алтарем и притвором восемнадцать аршин а в ширину восемь с половиною аршин» коштам 2000 рублёў срэбрам і яшчэ 969 рублёў 75 капеек срэбрам было ім затрачана на ўсё ўнутранае начынне царквы (іканастас, кнігі, лампадкі, богаслужбовы посуд і г.д.) [11, арк. 50, зв. бок, 51.].

Рашэннем ад 20.03.1886 г. Гомельская гарадская дума абрала з свайго асяродку і згоды духавенства «на должность церковнаго Старосты к своей безприходской церкви, приписанной к приходу Петро-Павловской церкви сооруженной на вновь устроенном Православном кладбище, во имя Св. Феодора Тирона на трехлетие с 1 Апреля 1886 года по 1е Апреля 1889 года Старостою Надворнаго Советника Феодора Васильевича Малеванскаго и кандидата по нем Титулярнаго Советника Ивана Яковлевича Дуганова» (пры гэтым Ф.В. Малеванскі быў храмаздацелям, а І.Я. Дуганаў — начальнікам шашэйнага застаўнага дома) [11, арк. 83, зв. бок].

У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захоўваецца цікавы рапарт гомельскага дэкана Францыска Пятроўскага ад 31 мая 1910 г. у Магілёўскую рыма-каталіцкую духоўную Кансісторыю, які быў зроблены для выканання цыркулярнага ўказу Кансісторыі ад 13 красавіка 1910 г. за № 4019 аб прадстаўленні копій з надпісаў, што знаходзяцца ў Гомельскім рыма-каталіцкім касцёле і на могілках на помніках. Дакумент мае назву «Буквальная копия с надписей находящихся в Гомельском римо-католическом костёле и на приходском кладбище Могилёвской губернии, Могилёвской Архиепархии» [10]. Акрамя двух надпісаў на касцёле, у рапарце пералічаны таксама пяць надпісаў на прыходскіх могілках:

«… На кладбище на памятниках находятся надписи следующие:
S.P.
1. Dziekan Banifacy Najniewicz wdziączni parafijanie za 37 letnią pracą w Homelskiem kosciele zmarł 1869 r.
2. Ksiądz Bolesław Wojszwiłło były Kapelan szkół Homelskich umarł 1893 r. 28 Lutego Pokoj jego duszy.
3. Ksiądzu Gregorowi Kiersnowskiemu od Homelskich parafijan 1897 r.
4. Anna z Osztorpow Zdziechowska Marszałkowa powiatu Mińskiego żyła lat 70 umarła 1878 r.
5.Dom pobożnego westchnienia Prosi Roża z Kozakiewiczow, Rawicz Kosińska.»

З тэксту дакумента лагічна вынікае, што ўсе пералічаныя надпісы знаходзяцца на помніках на адных і тых жа могілках («на приходском кладбище»). З гэтых пяці надпісаў да нашага часу захаваўся толькі адзін — надпіс на надмагільнай пліце ксяндза Баляслава Вайшвіллы, якая знаходзіцца менавіта на Навабеліцкіх могілках і яе тэкст амаль цалкам супадае з пададзеным у рапарце (у арыгінале — S.P. Ksiąndz Bolesław Wojszwiłło Były kapelan szkόl Homelskich Um. 1893 r. dnia 28 Lutego Pokoj duszy jego Zdrowaś Marya). З чаго можна зрабіць выснову, што «прыходскія могілкі», узгаданыя ў рапарце, — гэта менавіта Навабеліцкія могілкі, і жыхароў Гомеля на іх пачалі хаваць не пазней 1869 г. (пахаванне дэкана Баляслава Найневіча). Да 1878 г. адносіцца пахаванне Ганны Здзехоўскай з роду Ашторпаў.

Аднак прыведзеныя вышэй дакументы аб часе і складанасцях адкрыцця новых Засожскіх могілак каля Навабеліцы ў 1884-1885 гг. пераканаўча сведчаць на карысць гэтай даты. Несупадзенне з дадзенымі паводле рапарта дэкана Ф.Пятроўскага 1910 г. можна патлумачыць тым, што ўказваючы надпісы змешчаныя «на кладбище» (адзіночны лік), кс.Пятроўскі адначасова падаў надпісы з двух могілак — старых і новых. Ускосна такая «неахайнасць» падцверджваецца і іншымі шурпатасцямі таго рапарту: ня гледзячы на назву «Буквальная копия с надписей …» надпіс на помніку Б.Вайшвіле пададзены недакладна; пералічваецца ўсяго толькі 5 помнікаў, у той час як паводле натурных абследванняў нават на сёння захавалася не менш 36 помнікаў з надпісамі лацінскімі літарамі над пахаваннямі 1886-1909 гг. (а яшчэ існавалі ўжо зачыненыя каталіцкія могілкі ў квартале сучасных вуліц Леніна і Сялянскай са сваімі помнікамі). Мяркуючы па ўсяму, ведаючы, што рапарт ніколі не будзе правераны непасрэдна на месцы кс.Пятроўскі не праявіў і асаблівага імпэту ў яго выкананні.

Прыблізна ў гэты ж час адначасова з Засожскімі могілкамі на сучаснай вуліцы Савецкай былі адкрыты яшчэ двое гарадскіх могілак. Хрысціянскія могілкі былі адчынены каля фермы Малыя Новікі на сродкі і на зямлі казённых сялян, ад чаго за імі замацавалася назва «Новікаўскія сялянскія могілкі» (ужо 7.10.1889 г. магілёўская духоўная кансісторыя выдала ўказ «… за № 8326 по делу о постройке часовни на Новиковском кладбище» [11, арк. 65]). Гэтыя могілкі знаходзіліся паміж сучаснымі вуліцамі Савецкай і Кірава, за будынкам сучаснага касцёла. Летам 2014 г. у час стварэння «Алеі герояў» на месцы гэтых могілак у зямлі быў знойдзены каменны помнік з надпісам на чэскай мове і датаваны 17.12.1885 г. — гэта сведчыць, што ўжо ад самага пачатку гэтыя могілкі былі змяшанымі праваслаўна-каталіцкімі. У той жа час на супрацьлеглым баку вуліцы Савецкай, унутры квартала паміж сучаснымі вуліцамі Галавацкага і Ландышава, былі адчынены яўрэйскія могілкі (зараз на гэтым месцы стадыён універсітэта імя Ф.Скарыны).
Нягледзячы на наяўнасць некалькіх хрысціянскіх могілак у горадзе канца ХІХ ст., менавіта Навабеліцкія Засожскія могілкі з’яўляліся самымі прэстыжнымі, элітнымі ў Гомелі таго часу. Аб гэтым сведчаць як ўспаміны старажылаў, так і вынікі іх натурнага абследвання.
Сярод выяўленых непасрэдна на могілках помнікаў можна адзначыць пахаванні шэрага вядомых людзей Гомеля канца ХІХ — пачатку ХХ ст.:

Філонаў Міхаіл Мацвеевіч (1831 — 1.09.1897), каморнік (землямер) маёнтка князя Паскевіча. На помніку размешчаны надпіс «Въ память отъ Князя Паскевича»;
Саладоўнікаў Ануфрый Восіпавіч (12.06.1818 — 3.04.1891), наглядчык замка князя Паскевіча. На магільнай пліце надпіс — «Въ память отъ кн. Паскевича»;
Ляшук Фёдар Паўлавіч (памёр 3.07.1905) — калежскі саветнік, настаўнік матэматыкі і фізікі, а таксама класны кіраўнік і бібліятэкар у Гомельскай мужчынскай прагімназіі і гімназіі (скончыў курс у былой Галоўнай Варшаўскай Школе са званнем магістра фізіка-матэматычных навук) [8, с.30];
Дзерангоўскі Баляслаў (19.04.1864 — 3.01.1903) — вядомы фатограф Гомеля канца ХІХ — пачатку ХХ ст., аўтар самых вядомых фотаздымкаў дарэвалюцыйнага Гомеля;
Цюнцін Аляксандр Мікалаевіч (30.10.1839 — 13.07.1901), інжынер-тэхнолаг.
Два прадстаўнікі гарадскога чынавенцтва пачатку ХХ ст.:
Калежскі саветнік Платкоўскі Міхаіл Пракофьевіч (10.09.1839 — 27.04.1910);
Стацкі саветнік Рэмідоўскі Мікалай Іванавіч (памёр 13.02.1914).
Пахаванні двух гомельскіх ксяндзоў:
Баляслаў Вайшвіла, капэлян гомельскіх школ (гімназій), які памёр 28.02.1893 г.;
і яшчэ адно, невядомае, мяркуючы па ўсяму, альбо ксяндза Рыгора Кярсноўскага, які памёр у 1897 г., альбо ксяндза Францішка Пятроўскага, які памёр у 1911 г. [1, с. 246-248].
Чатыры прадстаўнікі вядомага ў горадзе шляхецкага роду Крушэўскіх:
Крушэўскі Ян (памёр у 14.09.1894 г. ва ўзросце 72 гадоў) і яго жонка Крушэўская Мар’я (памерла 29.03.1895 г. ва ўзросце 62 гадоў);
Крушэўскі Адольф (15.06.1813 — 16.06.1891) — гарадскі галава (мэр) Гомеля ў 1870-я гг. [2, с. 47];
Паўліна Зноска з Крушэўскіх (памерла 19.11.1906 г. ва ўзросце 77 гадоў).
Два пахаванні салдат, што загінулі ў час Першай сусветнай вайны:
Паручык Трусевіч Міхаіл Андрэевіч, «23 летъ павшій на поле брани 12 iюня 1915 года»;
Мацыевіч Іосіф Іосіфавіч, памерлы ад ран падпаручык 52-га Сібірскага стралковага палка «умеръ 22 летъ отъ роду 22 августа 1917 года».

Помнік Міхаілу Мавеевічу Філонаву – каморніку (землямеру) маёнтка Паскевічаў. Пасмяротны падарунак ад князя Паскевіча. 

Помнік Ануфрыю Восіпавічу Саладоўнікаву – наглядчыку замка князя
Паскевіча, які памёр у 1891 г. Пасмяротны падарунак ад князя Паскевіча.
Яшчэ некалькі гадоў таму вакол гэтага помніка была чугунная агароджа… 

Помнік над пахаваннем Ляшука Фёдара Паўлавіча – калежскага саветніка,
настаўніка матэматыкі і фізікі, а таксама класнага кіраўніка і
бібліятэкара ў Гомельскай мужчынскай прагімназіі і гімназіі.
Скончыў курс у былой Галоўнай Варшаўскай
Школе са званнем магістра фізіка-матэматычных
навук.

Помнік над пахаваннем Дзерангоўскага Баляслава – вядомага гомельскага
фатографа канца ХІХ – пачатку ХХ ст., аўтара самых вядомых фотаздымкаў
дарэвалюцыйнага Гомеля, які памёр ў 1903 г. 

Помнік над магілай інжэнера-тэхнолага Цюнціна Аляксандра Мікалаевіча.

Два прадстаўнікі гарадскога чынавенцтва
пачатку ХХ ст.:

Помнік над пахаваннем калежскага саветніка Платкоўскага Міхаіла Пракофьевіча. 

Фрагмент помніка Платкоўскага М.П. 

Помнік у выглядзе дрэва з абсечанымі галінкамі на магіле стацкага саветніка Рэмідоўскага Мікалая Іванавіча. 

Помнкі над пахаваннем невядомага гомельскага ксяндза. 

Помнік над пахаваннем Крушэўскіх Яна і Мар’і, якія памерлі у сярэдзіне 1890-х гг. Іх склеп з’яўляецца аднам з самых папулярных месцаў для марадзёраў-скарбашукальнікаў – па статыстыцы раз на пяць гадоў іх пахавальню чарговы раз спрабуюць абрабаваць. 

Помнік над пахаваннем Крушэўскага Адольфа – гарадскога галавы (мэра) Гомеля ў 1870-я гг., уладальніка “Паляўнічага доміка” на сучаснай вуліцы Пушкіна ў Гомелі. Зараз стэла ўсталявана на пастаменце, але бачныя на гэтым фотаздымку 2006 г. чугунныя шары на слупах агароджы ўжо адламаныя зборшчыкамі металалома некалькі гадоў таму. 

Помнік над пахаваннем Паўліны Зноскі з Крушэўскіх. Помнік прывезены з Варшавы. 

Два адзіных захаваных у Гомелі пахаванні салдат часоў Першай сусветнай вайны.

Выяўлены пахаванні з вядомымі старажытнымі шляхецкімі прозвішчамі Усходняй Гомельшчыны:

Баляслаў Халецкі, памёр у 17.05.1901 г. ва ўзросце 70 гадоў;
Станіслава Фашч, памерла 7.12.1906 г.

Помнік над пахаваннем Станіславы Фашч – адной з прадстаўніц старажытнага шляхецкага роду Фашчаў, якія жылі на тэрыторыі Усходняй Гомельшыны з XVI ст., валодалі вёскамі Грабаўка Гомельскага і Насовічы Добрушскага раёнаў.

Акрамя гэтых двух названых можна адзначыць шматлікія пахаванні іншых прадстаўнікоў шляхецкіх радоў Усходняй Гомельшчыны — Драбышэўскіх, Шарэпа-Лапіцкіх, Караткевічаў, Плескачэўскіх, Шацілаў, Вяржбіцкіх, Кончыцаў, Кубліцкіх, Гатальскіх, Грамыкаў, Даўгялаў, Аношкаў, Ліпскіх і інш.

З пахаванняў другой паловы ХХ ст. варта адзначыць наступныя:

Шчакудаў Анісім Фаміч (1889 — 1952) — гомельскі картограф, шырока вядомы як складальнік плана Гомеля 1910 г., прадстаўнік вядомай у Гомелі пачатку ХХ ст. стараабрадскай сям’і будаўнікоў, паплечнік гомельскага архітэктара С.Шабунеўскага;
Чачын Піліп Іванавіч (1912 — 1960), старэйшы лейтэнант міліцыі, удзельнік Вялікай айчыннай вайны, загінуў 4.05.1960 г. пры выкананні службовых абавязкаў. У 1966 г. на ўшанаванне яго памяці была ўсталявана мемарыяльная дошка на будынку аддзела ўнутраных спраў выканкама Цэнтральнага райсавета народных дэпутатаў (былая вул. Чачына, 2а). У Гомелі яго імём названа вуліца, якая зараз ужо не існуе [6, с. 66].
Вольскі Іван Іпалітавіч (20.01.1888 — 2.01.1961) — вядомы ў даваенным Гомелі доктар;

Помнік над пахаваннем Шчакудава Анісіма Фаміча – вядомага гомельскага картографа, паплечніка архітэктара Станіслава Шабунеўскага. 

Фрагмент помніка Шчакудава А.Ф.

Два пахаванні экіпажаў стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў Ту-22 з Зябраўкі, што разбіліся праз тэхнічныя няспраўнасці самалётаў:

Пракофьеў Анатоль Васільевіч, Данілаў Міхаіл Міхайлавіч, Вастроў Мікалай Фёдаравіч — 21.06.1963 г.;
Бутаў Яўген Аляксеевіч, Бугроў Павел Міхайлавіч, Доўбыш Анатоль Пятровіч — 5.10.1967 г.

Помнікі над пахаваннем экіпажа стратэгічнага бамбардзіроўшчыка Ту-22 у складзе Пракофьева Анатоля Васільевіча, Данілава Міхаіла Міхайлавіч, Вастрова Мікалая Фёдаравіча. 

Помнікі над пахаваннем экіпажа стратэгічнага бамбардзіроўшчыка Ту-22 у складзе Бутава Яўгена Аляксеевіча, Бугрова Павўла Міхайлавіча, Доўбыша Анатоля Пятровіча.

У кнізе «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць» (Мінск, 1985) на Навабеліцкіх могілках таксама адзначана магіла Паньковай Алены Данілаўны — Герой Сацыялістычнай Працы, якая нарадзілася 8.05.1914 г. у г.Лунінец у рабочай сям’і, з 1935 г. працавала электразваршчыцай Гомельскга вагоннага дэпо, была членам КПСС з 1945 г., у 1960 г. за выдатныя поспехі ў выкананні вытворчых планаў ёй прысвоена званне героя Сацыялістычнай працы, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1963 г. Памерла 8.11.1964 г. У 1977 г. на магіле пастаўлены абеліск [6, с. 65].

Таксама на могілках захавалася некалькі пахаванняў былых насельніц Чонкаўскага жаночага манастыра, пахаваных у другой палове ХХ ст.

Вялікую цікаўнасць уяўляюць самі надмагільныя помнікі канца ХІХ — пачатку ХХ ст., выкананыя з розных парод каменю, бятона, чугуна і жалеза. Сярод каменных помнікаў захавалася некалькі з пазначэннямі майстэрняў, якія іх вырабілі. Сярод такіх майстэрняў тры негомельскія — «А. Росси. Кіевъ» над пахаванням 1895 г. (у 1870-1880-я гг. у магазіне італьянцаў Тузіні і Россі на Храшчаціку ў Кіеве заказваліся мармуровыя, гранітныя і лабрадарытавыя дэталі i для Уладзімірскага сабора Кіева і гомельскай капліцы-пахавальні Паскевічаў [7, с. 27]), «H. Żydok Warszawa» над пахаваннем 1906 г. i «Преемники А.С. Козлова В.Л. Гладковъ и В.А. Козловъ за Тверской заставой въ Москве» над пахаваннем 1905 г., а таксама дзве гомельскія — «Ивановъ, Гомель» (3 шт., над пахаваннямі 1910 і 1911 гг.) і «Витовтовъ, Гомель» (1 шт., помнік перароблены са старога ў 1950-1960-я гг., першапачатковы пахавальны надпіс збіты).

Кляймо маскоўскай фірмы-вырабніка помніка Фёдара Ляшука. 

Кляймо варшаўскай фірмы на помніку Паўліны Зноска з Крушэўскіх. 

Кляймо кіеўскай фірмы італьянцаў Тузіні і Россі на помніку Яна і Мар’і Крушэўскіх. 

Кляймо гомельскага майстра надмагільных помнікаў М.Іванова.

Узведзеныя на могілках помнікі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. можна класіфікаваць на 11 тыпаў. За асноўную класіфікуючую прыкмету была ўзята форма дамініруючай структурнай часткі помніка, якая і стварае выразны архітэктурна-мастацкі вобраз.

1.«Абеліск» — асноўная (найбольшая) частка помніка выканана ў выглядзе завужанага да верху слупа, блізкага да квадрату ў сваім сячэнні, пры гэтым вышыня абеліска больш чым ў два разы пераўзыходзіць шырыню яго аснавання (9 шт.). 

2.«Вертыкальная пліта» — помнік у выглядзе вертыкальна пастаўленай плоскай пліты, пры гэтым адваротны бок можа мець розную меру апрацаванасці (2 шт.). 

3.«Гарызантальная пліта» — ляжачы на зямлі помнік, верхняя паверхня якога (альбо абедзьве) у выглядзе плоскай пліты. Варыянт — гарызантальная пліта з асобна стаячым вертыкальным крыжам у яе галаўной частцы (14 шт.). 

4.«Абсечанае дрэва» — помнік у выглядзе ствала дрэва з абсечанымі галінамі і такім жа крыжам наверсе (16 шт. і 2 чугунных). 

5.«Калонна» — помнік у выглядзе ордэрнай калоны рознай меры прапрацаванасці на прамавугольным пастаменце (2 шт, было 3). 

6.«Стэла» — помнік у выглядзе паралелаграма розных прапорцый, верхняя частка якога уступамі звужаецца пад аснаванне вянчаючага крыжа (35 шт.). 

7.«Каплічка» — помнік блізкі да тыпу «Стэла», аднак адрозніваецца тым, што яго кубападобная асноўная частка накрыта выразным аб’ёмным прафіляваным карнізам (па ўсяму перыметру помніка) і дахам, над якім звычайна змешчаны крыж (9 шт.). 

8.«Скала-валун» — асноўная частка помніка выканана ў выглядзе сіметрычна аформленай скалы, гары камянёў альбо падкрэслена грубаапрацаванага прыроднага валуна, на якіх на спецыяльна аформоеным месцы змешчаны надпіс (12 шт.). Адрозніваецца ад тыпу помнікаў з неапрацаваных прыродных валуноў. 

9.«Прыродны валун» — помнік з неапрацаванага альбо грубаапрацаванага валуна негеаметрычнай формы, на якім маглі змяшчацца надпісы ці крыжы (2 шт.). 

10.«Чугунныя плоскія крыжы» — літыя з чугуна помнікі ў выглядзе плоскага з барэльефнай апрацоўкай крыжа (3 шт., было 5). 

11.«Каваныя крыжы» — каваныя з лінейнага жалеза помнікі ў выглядзе карункавых крыжоў (некалькі дзясяткаў).

Помнікі ў выглядзе чугунных калон над пахаваннямі невядомага гомельскага інжэнера і ягонай маці. Яшчэ некалькі гадоў таму агароджа вакол помнікаў была аздоблена вялікімі прыгожымі расліннымі завіткамі, выкананымі з чугуна… 

Надмагільны помнік у выглядзе скалы-валуна над пахаваннем Казіміра Гродскага. 

Сціплы але стыльны надмагільны помнік-валун над невядомым пахаваннем у каталіцкай частцы могілак. 

Помнік у выглядзе плоскага чугуннага крыжа над пахаваннем Вікторыі Палкоўскай. Два гады таму крыж бязследна знік… 

Помнік у выглядзе каванага крыжа у праваслаўнай частцы могілак. Фотаздымак 2005 года, у час даследванняў 2010-2013 гадоў гэты крыж ужо не знойдзены. 

Капліца-пахавальня ў каталіцкай частцы могілак. Сваёй формай каплічка паўтарае вобраз невялікага выцягнутага каталіцкага храма, у адрозненне ад цэнтрычных кампазіцый праваслаўных каплічак.

Сярод сёняшніх асаблівасцяў Навабеліцкіх могілак можна ўзгадаць ужо амаль поўную адсутнасць драўляных крыжоў. Асобна можна адзначыць наяўнасць капліцы-пахавальні ў каталіцкай частцы могілак, выкананай у выглядзе невялікага выцягнутага касцёла з крыжам над уваходам, і існаванне ў свой час некалькіх пахавальных склепаў, вядомых па ўспамінах. Вялікую даследчыцкую цікаўнасць ўяўляе пэўная колькасць захаваных каваных і літых агародж і крыжоў канца ХІХ — пачатку ХХ ст. — найбольш поўная ў Гомельскай вобласці калекцыя архітэктурнай металлапластыкі гэтага перыяду.

Важнае значэнне ў ваенна-патрыятычным выхаванні жыхароў Навабеліцкага раёна г.Гомеля адыгрывае мемарыяльна-вайсковы некропаль у паўднёвай частцы могілак. Па ўспамінах Галіны Баляславаўны Вастровай (1933 г.нар.) у жніўні 1941 г., адразу пасля захопу Гомеля немцамі, на гэтых могілках адбыўся бой, у выніку якога тут, сярод магіл, ляжала мноства забітых чырвонаармейцаў, якія, як можна меркаваць, прыкрывалі адыход Чырвонай арміі 19.08.1941 г. Як узгадвала старажылка, забітых салдат было «можа некалькі сотняў, недзе ступіць было, мы хадзілі і шукалі сярод іх сваіх цэлы дзень». Гэтыя ж вайскоўцы былі пахаваны тут жа, на Навабеліцкіх могілках, і як упэўнена інфарматар, на тым месцы, дзе пазней змясціўся вайсковы некропаль. Па ўспамінах А.І. Масюкевіч вайскоўцаў тут пачалі хаваць адразу пасля вызвалення Гомеля і гэты мемарыяльны комплекс змясцілі на месцы звычайных пахаванняў. Паводле даведніцкай літаратуры тут у 114 брацкіх і асобных магілах пахаваны 284 воіны, якія загінулі ў жніўні 1941 г. і лістападзе 1943 г. у баях за Гомель супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама перапахаваны парэшткі савецкіх салдат, знойдзеных у час земляных работ на тэрыторыі Гомеля і Гомельскага раёна. У 1953 г. на могілках пастаўлены помнікі — скульптура воіна з вянком і 114 абеліскаў [6, с. 47; 4, с. 115]. Пазней скульптура воіна была заменена на помнік у выглядзе мемарыяльнай сцяны з выявай ордэна. 7 мая 2010 г. на тэрыторыі вайсковага некропаля быў адчынены памятны знак, прысвечаны подзвігу дзесяці вязняў сакрэтнага фашысцкага канцлагеру KЦ-4 на выспе Узедом у Германіі, дзе выпрабоўвалі ракеты ФАУ-2. Вязням атрымалася збегчы з лагера смерці «Пенэмюнде», пры гэтым яны змаглі ўгнаць нямецкі бамбардзіроўшчык «Хайнкель — 111», на якім і пераляцелі лінію фронта. Усе яны пасля былі мабілізаваны ў штрафны батальён і девяць з дзесяці загінулі. Сярод герояў-вязняў — ураджэнец Гомеля Уладзімір Немчанка. Да 65-годдзя Перамогі ўнук аднога з герояў арганізаваў выраб дзесяці такіх памятных знакаў, кожны з якіх усталявалі на радзіме герояў — у гарадах Саранску, Белай Калітве, Новакузнецку, Волагдзе, Гомелі, Ніжнім Ноўгарадзе, Данецку, Гульневічах, Гадзячы, Славянску-на-Кубані [12]. Знешне памятны знак выглядае як стэла, на якой нанесены надпіс «Уцёкі з пекла», а таксама прозвішчы вязняў, намаляваны самалёт і вышка канцлагера.

Вайсковы некропаль на Навабеліцкіх могілках. 

Помнік “Уцёкі з пекла”, усталяваны ў 2010 г.

Побач з вайсковым некропалям у 1950-1970-я гг. канцэнтравана пачалі размяшчацца пахаванні былых партызан і ваеннаслужачых савецкай арміі, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Сярод такіх можна адзначыць пахаванне камандзіра партызанскай брыгады «За Радзіму» Сінякова Рыгора Іванавіча (6.05.1903 — 29.03.1969), інжынера-палкоўніка Фёдарава Афінагена Паўлавіча (29.07.1895 — 22.10.1957) і шматлікіх іншых.

Па ўспамінах мясцовых жыхароў, яшчэ ў 1970-я гг. вучні школы № 18, размешчанай у Навабеліцы, да 9 мая і іншых святаў прыбіралі гэтыя вайсковыя пахаванні і прылеглую тэрыторыю. Пасля адбываўся ўрачысты воінскі салют — некалькі аўтаматных залпаў.

Няпросты лёс чакаў Навабеліцкія Засожскія могілкі ў антырэлігійным і тэхнакратычным ХХ ст. У адрозненні ад сваіх аднагодак, што змяшчаліся па вул.Савецкай у Гомелі (яўрэйскія і Новікаўскія могілкі, заснаваныя таксама ў 1885 г.), гэтыя могілкі не былі знесены ці забудаваны. Але хваля антыгуманізма, у якой жыло савецкае (і постсавецкае) грамадства таго часу не абмінула і гэтае месца вечнага спачыну. Разрабаванне і знішчэнне помнікаў пачалося яшчэ ў міжваенны перыяд. Па ўспамінах Сухадольскай Ганны Афанасьеўны (1929 г. нар.) у 1930-х гг. у гомельскім судзе ішоў працэс над жанчынай-наглядчыцай за Навабеліцкімі могілкамі, якая таемна перапрадавала скульптуркі белых мармуровых анёлаў, зкрадзеных ёю з каталіцкіх («польскіх») надмагілляў гэтых жа могілак.

Аднак найбольш вялікая хваля вандалізму, мяркуючы па ўспамінах А.І. Масюкевіч пачалася адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны. У час натурнага абследвання могілак таксама былі выяўлены шматлікія факты мэтанакіраванага знішчэння старых помнікаў канца ХІХ — пачатку ХХ ст.: для ўсталявання металічных агародж на пахаваннях 1960-х гг. выломваліся старыя чугунныя і гранітныя помнікі на суседніх магілах, альбо шыльды са звесткамі пра пахаваных цэментам прымацоўваліся да чужога помніка і г.д. Асобны сум выклікаюць знаходкі асобных фрагментаў ад старых помнікаў, па якіх ўжо немагчыма высветліць ніякіх звестак аб колісь пахаваных пад імі людзях. Часта сустракаецца і паўторнае ўжыванне старога помніка — на адным баку бачны збіты стары надпіс пачатку ХХ ст., а на супрацьлеглым — надпіс з датамі другой паловы ХХ ст. І тут ужо невядома з якіх менавіта могілак гэтыя помнікі былі перамешчаныя, з гэтых ці іншых. Асобная з’ява ў вандалізме на Навабеліцкіх могілках — раскопванне магіл. Менавіта такое зведала магіла былога гарадскога галавы Адольфа Крушэўскага яшчэ да сярэдзіны 1990-х гг., а склеп ягоных сваякоў Яна і Мар’і Крушэўскіх марадзёры ўскрывалі не менш трох разоў за апошнія 15 гадоў.

Пачатах ХХІ стагоддзя прынёс хвалю новых тэматычных марадзёрстваў. Усе элементы помнікаў, выкананыя ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. з медзі і бронзы (масіўныя вянчаючыя крыжы, шыльды з датамі, распяцці і абразкі) былі спіленыя яшчэ да сярэдзіны 1990-х гадоў. У пачатку 2000-х гадоў зніклі элементы з алюмінія і дзюраля (лопасць ад прапеллера на магіле маладога авіяаматара ды інш.). Пачатак 2010-х гг. адзначыўся татальным знішчэннем чугунных помнікаў і агародж на старых дарэвалюцыйных пахаваннях. Маніторынг апошніх пяці год дазваляе казаць пра знішчэнне каля двух дзясяткаў такіх помнікаў. Асобным шэрагам ідуць моладзевыя хуліганска-сатанінскія разбурэнні — выломванне, выкручванне і пераварочванне крыжоў, расколванне і абвальванне каменных помнікаў і г.д., якія паўтараюцца з сярэдняй перыядычнасцю ў пяць гадоў.

Праведзенае даследванне сведчыць, што Навабеліцкія Засожскія могілкі з’яўляюцца унікальным, але няўлічаным аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны Гомеля і Беларусі. Дадзеныя могілкі — адзінае захаванае месца спачыну вядомых гамяльчан канца ХІХ — пачатку ХХ ст. Вайсковы некропаль і яго мемарыяльнае афармленне сталі важнай часткай ушанавання памяці герояў і ахвяр Другой сусветнай вайны, а таксама патрыятычнага выхавання жыхароў Гомеля. Менавіта гэтыя могілкі змяшчаюць амаль усе захаваныя прыклады мемарыяльнай архітэктуры малых форм і архітэктурнай металапластыкі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. у нашым горадзе, якія фіксуюць стылёвыя пошукі і разнастайнасць у мастацтве, а таксама непасрэдна ўвасабляюць складаныя гістарычныя працэсы таго часу. І гэта найбольш поўная ў Гомельскай вобласці калекцыя па названых відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у пэўнай меры эталон для даследвання падобных помнікаў па ўсёй вобласці. Аднак сёння гэтае унікальнае для Гомеля і Гомельшчыны месца патрабуе тэрміновых захадаў для захавання і абароны ад знішчэння.

Крыніцы і літаратура


1.Васькоў, У.І. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны: Гісторыя Гомельскага дэканата / У.Васькоў. — Мінск: Про Хрысто, 2011. — 360 с. 

2.Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142 — 1900 / Л. Виноградов. — М.: Типография Н.Н. Шарапова. 1899. — 48 с. 

3.Гайба, М.П. Могілкі і пахаванні ў Навагрудку: краязнаўчы нарыс / М.П. Гайба. — Мінск: Пейто, 2000. — 40 с. 

4.Гомель: Энцикл. справочник / редкол.: И.П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Минск: БелСЭ, 1990. — 528 с. 

5.Жудро, О.А. Город Гомель: географическо-статистический очерк / О.А. Жудро, И.А. Сербов, Д.И. Довгялло // Записки Северо-западного отдела императорского Русского географического общества. Кн. 2. — Вильна, Типография А.Г. Сыркина, 1911. — С. 293–353.

6.Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; рэд. кал.: С.В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1985. — 384 с. 

7.Литвинова, Т. Часовня-усыпальница князей Паскевичей в составе Гомельского дворцово-паркового ансамбля / Т.Литвинова // Архитектура и строительство. — 2010. — № 2. — С. 26–29. 

8.Максимов, И.П. Историческая записка о Гомельской шестиклассной прогимназии и отчет за 1885/6 учебный год / И.П. Максимов. — Гомель: Типография Ш.А. Фридланда, 1886. — 60 с. 

9.Сакалоўская, А.С. Кальварыя / А.С. Сакалоўская. — Мінск: Касцёл Св. Сымона і Св. Алены, 1997. — 168 с. 

10.Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, ф. 1781, воп. 5, спр. 339, арк. 245-247. 

11.НГАБ, ф. 3022, воп. 1, спр. 79. 

12.http://www.shukach.com/node/17976

Гэты артыкул быў надрукаваны ў зборніку Ad jubilaeum. да 70-годдзя стварэння гістарычнага факультэта. зборнік навуковых артыкулаў. у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: В.А. Міхедзька (адк. Рэд.) [і інш.] ; М-ва адукацыі РБ, Гом. дзярж.зн-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2015. — 321 с. С. 210–223

Подписывайтесь на наш телеграм-канал
Новости по теме:
Персоналии:
Андрей СкиданЕвгений Маликов
Места:
Гомель
Поделиться:

Популярное:
Врачи назвали состояние Навального критическим и предупредили о возможной остановке сердца
9933
В Осиповичах в заброшенном здании бетонные плиты обвалились на 17-летнего парня
3571
Навального переводят из колонии в больницу
2359
Штаб Тихановской отреагировал на заявление Лукашенко о готовящемся на него покушении
1644
В Беларуси рванули цены на курицу, свинину, картошку, сладости, пиломатериалы и туристические услуги
1333
Разработчик «Спутника» назвал тех, на кого вакцина не действует
1263
Scroll Up